20 лютага вучні 3 “В” класа далучыліся да рэспубліканскага праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё!” і запрасілі ўсіх жадаючых прагуляцца па незвычайных сцяжынках, дзе кожны знойдзе штосьці блізкае сэрцу.
Першая сцяжынка – загадкавая. Тут жывуць мудрыя народныя загадкі, якія вучаць нас бачыць незвычайнае ў простых рэчах. Яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і захоўваюць сакрэты нашай мовы.
Другая сцяжынка – “Бабулін куфэрак”. Гэта сапраўдная скарбніца даўніх слоў, якія нашы продкі ўжывалі штодня. Тут можна пачуць, як гучала наша мова некалькі дзесяцігоддзяў таму, і даведацца значэнне забытых слоў.
Трэцяя сцяжынка вядзе нас на “Мудрую старонку”. Тут сабраны прыказкі, прымаўкі, якія вучаць нас жыццю і перадаюць народны вопыт. Гэта кароткія, але вельмі глыбокія сведчанні таленту нашага народа.
Чацвёртая сцяжынка маніць водарам – гэта “Водар беларускіх страў”. Тут мова гучыць на кухні, дзе назвы простых, а такіх смачных страў набываюць асаблівае хараство. Дранікі, бабка, клёцкі, наліснікі, верашчака, кулага — гэтыя словы пахнуць дамавітасцю і саграваюць душу.
Кожная з гэтых сцяжынак – частка вялікага і прыгожага свету нашай роднай мовы. Ісці па іх можна бясконца, кожны раз адкрываючы для сябе нешта новае. Беражыце і шануйце сваю мову, бо гэта наша гісторыя, наша душа і наша будучыня!